Калі шэрыя будні мінскай атмасферы вас больш не забаўляюць, а дух сталіцы здаецца прытхлым і душа патрабуе адпачынку, то ёсць толькі два выхады: набыць bat-мабіль і паехаць змагацца за душу Готэма або нічога не купляць і паехаць аўтаспынам у любое беларускае мястэчка. На жаль, першы варыянт ужо быў забраніраваны мускулістым мільянерам, таму выбіраем другі.
Чаму менавіта аўтаспын? Акрамя таго, што гэта бясплатна, ёсць яшчэ больш важлівы фактар – найцікавейшыя людзі, якія не трапяцца табе анідзе, толькі тут.


Я са сваім сябрам і па сумяшчальніцтве аператарам Іллёй вырашылі ехаць у Гародню – мабыць, самы турыстычны горад краіны, каб захапіцца духам сярэднявечча, прасякнуцца атмасферай дабразычлівасці гарадзенцаў, зрабіць крутыя фотаздымкі (шукайце ніжэй) і адведаць смачнае марозіва, якога няма ў Менску.
Выехаўшы за МКАД з боку Каменнай горкі, я прастаяў прыкладна 30 хвілін перад тым, як нас падабраў першы кіровец. Ён ехаў на Нёман, каб сплавіцца на лодках з сябрамі. Займаўся раней бізнэсам. Было цікава паразмаўляць пра кавамашыны: на колькі яны выгадныя, акупляльнасць і г.д.
Высадзіў нас пад мястэчкам Іўе (назва – агонь!) i раптам выдае: «Слухайце, вы ж здымаеце рэпартаж, мабыць, засняць вас з квадракоптара?”
Канешне, мы пагадзіліся. Нягледзячы на тое, што ён спазняўся на сплаў, чалавек яшчэ хвілін 15 рабіў для нас кадры. У такiя моманты ўпэўніваешся ў добразычлівасцi асобных беларусаў. Калі хочаце ўбачыць гэтыя захапляльныя кадры — пераходзіце ў наш Instagram.
Далей удалося праехаць яшчэ кіламетраў 5, а потым злавіць машыну да Гародні. Падвозіў нас Дзмітрый – агент па продажы нерухомасці. Пачуўшы, што мы размаўляем на беларускай мове, адразу перайшоў на яе сам. У яго атрымлівалася не дужа лёгка, але я быў яму вельмі ўдзячны.
Па дарозе ён папярэдзіў, што трэба заехаць у некалькі мясцін па рабоце. І, як думаеце, дзе мы апынуліся? На легендарнай Шчучыншчыне! На жаль, часу даследваць мясцовыя славутасці было мала, таму амаль нічога пра яе я не даведаўся — будзе прычына вярнуцца.
Гародня нас сустрэла цэлым шэрагам прыгажосьці: старым замкам на беразе Нёмана, Каложскай царквой, цэнтрам з будынкамі XVI-XVII стагоддзяў. Пакаштаваць мясцовую кухню не давялося, бо мы былі заняты здымкай рэпартажа, але ў хуткім перакусе змаглі ўзяць на спробу гарадзенскае марозіва: за 1,60 руб. шакаладна-ванільнае смакоцце.






Справа падыходзіла да вечара, і нам трэба было знайсці месца, дзе пераночыць. Мы маглі ад’ехаць ад гораду і паставіць намёт, але быў яшчэ адзін варыянт – каўчсёрфінг. Гэта пляцоўка, на якой адны людзі шукаюць месца начлегу, а іншыя іх прымаюць. Там можа зарэгістравацца хто заўгодна, але ў асноўным – вандроўнікі.
Нам пашанцавала, бо нас прыняў да сябе адзін гарадзенец. Ён прасіў не раскрываць яго імя, таму магу толькі сказаць, што гэта неверагодны чалавек. Ён прывёў нас у асобную кватэру, у якой сам не жыве, пачаставаў прысмакамі і сказаў: «Ключы проста пакіньце тут, калі заўтра будзеце з’язджаць.» Вось такі ўзровень даверу!
Маленькі спойлер: як карыстацца каўчсёрфінгам, ці працуе ён у іншых гарадах (асабліва ў сталіцы) мы распавядзем у наступным рэпартажы.
Дык вось. На наступны дзень мы тым жа аўтаспынам вырашлі вяртацца дадому, але ў гэтай сферы ёсць дужа важлівы фактар, на які трэба звяртаць увагу – надвор’е. А яно ў той дзень было з маланкамі і дажджом час ад часу.
Накідваем дажджавікі і iдзем стопіць. Хвілін праз 40 спыняецца «чорны немец», засоўваю галаву ўнутр, пытаю: «Нам напрамкі, возьмеце?» І задаволеныя залазім у машыну.


Падвозіць нас мясцовы святар. Я другі раз за жыццё з імі размаўляю так блізка, можна сказаць па-сяброўску. Вельмі круты мужчына, з пачуццём гумару, начытаны, і да ўсяго сам вандроўнік. Мяне зачапіла яго думка (насамрэч усцешыла) аб аўтаспыншчыках: «Гэта зараз такая фішка культурнай часткі моладзі. Трэба крыху паспыняць, каб было што распавесці».
Разгутараўшыся з намі, святар прапусціў патрэбны яму паварот. Але, замест таго, каб зараз жа развярнуцца, сказаў, што давязе нас крыху далей, бо там зручней стопіць, і толькі потым паедзе па сваіх справах. Ну як тут потым не думаць, што большасць з тых, хто спыняецца – неверагодныя людзі!
Развітаўшыся, амаль адразу ловім таксі камфорт + і едзем да Менску астатнія гадзіны ў цішыні і думках аб будучыні. Таксіст з нас не ўзяў грошы, бо разумеў, што мы спыншчыкі.
Такім чынам, аўтастоп у Беларусі – неблагая ідэя для атрымання новых уражанняў. За дзве-тры машыны можна дабрацца з сталіцы да любога абласнога гораду. Канешне, пажадана маць з сабою і грошы, і намёт на непрадбачаныя выпадкі, аднак у цэлым гэта бяспечна і дужа цікава з-за людзей, якія цябе падвозяць. Хочацца верыць, што культура аўтаспыну будзе расці ў Беларусі, бо на мой погляд, гэта таксама паказчык добразычлівасці нацыі.